Рус
Бел
Eng
Адрас: 211220, Віцебская вобласць, 
г.п. Лёзна, вул. Леніна, 79/2
Е-mail: info@lioznorik.by (для дзелавой перапіскі) 
обращения.бел - для зваротаў грамадзян і юр.асоб 
Тэлефон/факс: 8 (02138) 5-25-69, 5-22-61, 5-25-71 
 
ВКонтакте: Лиозненский райисполком 
Telegram: Лиозно. Официально
Алея Славы Аўтастанцыя Цэнтр Лёзна Лёзненскі ваенна-гістарычны музей Чыгуначны вакзал
Алея Славы

Навіны раёна

20 кастрычніка 2021

Дзiвосныя карункi духоўнай скарбніцы Лёзненшчыны

 А я i сёння ўспамінаю часта: 
 Стаяла школа ў Крынках 
ля крыніц. 
 Я ўваходжу ў клас 
– I быццам шчасце, 
Трымаю кнігу – 
Свет вялiкi насцеж: 
Там Ваша слова 
З зор i навальнiц. 
  Два прозвішчы – аўтара гэтых радкоў Давіда Сiмановiча i пiсьменнiкa Міхася Лынькова, якому прысвечаны ўзгаданы верш – назаўсёды ўвайшлi ў спадчыну беларускай культуры. 
  Для гiсторыi Лёзненшчыны i ў прыватнасці для памяцi жыхароў аграгарадка Крынкi iмёны Лынькова i Сiмановiча маюць асаблівае значэнне. Крынкаўская школа, якая з’явілася першым месцам працы Давіда Рыгоравіча, неаднойчы была праслаўлена iм у вершах, якія гучалі са сцэнічных пляцовак Віцебска i Масквы, былi надрукаваны ў шматлікіх зборніках i перыядычных выданнях. 
  У маі 1961 года Давід Сiмановiч – ужо журналіст Віцебскай тэлестудыi – разам з кінааператарам прыехаў у Крынкi з нагоды сустрэчы мясцовых жыхароў з Міхасём Лыньковым. 
  – Не аднойчы даводзілася мне праглядаць кiнакадры, знятыя тады, i здаецца, я ведаю iх ужо напамяць… Пракручваецца перад вачыма старая кiнаплёнка. Паабапал дарогі, пад бярозамi, стаяць рабочыя саўгаса «Крынкi», вучні i настаўнікi мясцовай школы. Яны сустракаюць любімага пiсьменнiкa, – успамінаў Давід Сiмановiч. 
  12 студзеня 1976 года пастановай Савета Міністраў БССР Крынкаўскай школе было прысвоена iмя Міхася Лынькова, якое яна з гонарам носіць i па сённяшні дзень, а 28 кастрычніка 1978 года дзякуючы каласальнай папярэдняй працы настаўнiцы беларускай мовы i літаратуры Лiлii Iосiфаўны Алёшкiнай у школе адкрыўся музей народнага пісьменніка. Шмат гадоў музеем паспяхова кiруе дачка Лiлii Iосiфаўны, таксама настаўніца беларускай мовы i літаратуры Наталля Васільеўна Сударыкава. Сюды па-ранейшаму прыязджаюць школьнiкi i дарослыя экскурсанты не толькi з нашага раёна, але i з Вiцебска i вобласці. Музей жыве, развіваецца, папаўняецца новым рэчамi. Так, зусім нядаўна папку з каштоўнымi экспанатамi перадала загадчык аддзела iнфармацыйна-пошукавых сiстэм i аўтаматызаваных архiўных тэхналогій установы «Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласцi» Алена Мiхайлаўна Бондарава – наша зямлячка, якая нарадзілася ў вёсцы Бабiнавiчы, скончыла Лёзненскую СШ №1, гiстфак Вiцебскага дзяржуніверсітэта iмя П.М. Машэрава. Яшчэ пры жыцці Давіда Сiмановiча Алена Мiхайлаўна пачала ствараць вопiс асабістага фонда паэта. Зараз ён з’яўляецца буйнейшым асабістым фондам не толькi ў архівах Віцебска, але i Беларусi. Складаецца з 1138 спраў, змяшчае 3810 фотаздымкаў, шматлікія кнігi. Вялікую колькасць гэтых рэчаў перадала ў архіў пасля смерцi паэта яго сяброўка Iна Вiктараўна Гузава. Самыя каштоўныя экзэмпляры – рукапісы. Пачынаючы з 31 жніўня 1944 года i да 9 красавіка 2014 года (роўна за месяц да смерці) Давід Рыгоравіч вёў дзённікi. Частка з iх была выдадзена пад назвамi «Витебский вокзал, или Вечерние прогулки через годы». 
  Дзённікавыя запiсы апошніх гадоў Давід Сiмановiч планаваў выдаць асобнай кнігай, але не паспеў… Цiкавасць для даследчыкаў жыцця i творчасцi паэта могуць выклікаць 45 дакументаў аб працы ў Крынкаўскай школе, сярод iх — насценныя газеты, якiя выдаваў малады настаўнік разам з вучнямі. Доступ да фонду Давіда Сiмановiча не абмежаваны, таму наперадзе нас чакаюць новыя адкрыцці, звязаныя з iмем паэта. 
  Але заглянем усё ж такi ў папку, прэзентаваную Аленай Мiхайлаўнай. Увагу адразу прыцягваюць фотаздымкі Давіда Сiмановiча з Рыгорам Барадуліным, а таксама спецыяльныя выпускi нумароў газет «Витьбичи» і «Витебский курьер» за 1992 год, прысвечаныя Шагалаўскiм дням у Вiцебску. Марк Шагал – яшчэ адна знакавая асоба, якой па праву ганарыцца лёзненская зямля, а тое, што яго iмя не трапіла ў нябыт, вялікая заслуга менавіта Давіда Сiмановiча. Дарэчы, падчас асабістай перапiскi з Лідзіяй Андрэеўнай Мацоццi, унучкай апошняга ўладальніка маёнтка «Крынкi», выпадкова высветлілася, што яе дом у Рыме ўпрыгожвае рэпрадукцыя знакамітай карціны Шагала «Дом у Лёзне», але дзе знаходзіцца Лёзна, Лідзія Андрэеўна нават i не здагадвалася, i вельмi здзівілася, што да яго ўсяго 30 км ад дарагіх яе сэрцу Крынак… 
  Мiж iншых каштоўнасцей падараванай папкi – зборнік Давіда Сiмановiча «Имею честь принадлежать « i верш, прысвечаны Марку Захаравічу. Стоит мессы Париж. А Шагал Тоже мессы достоин – пора. Он в классическом Гранд Опера По-библейски плафон расписал. И весь мир отражается в нём, Словно в зеркале вечном своём. И парят в красоте неземной Витебск мой и трубач над Двиной. И, встречая в Париже зарю, Провожая над Сеной закат, Я в шагаловском небе парю И библейской компании рад. 
  Незвычайным чынам нiткi часу пераплятаюць людскія iмёны, лёсы, гарады, краiны ў дзiвосныя карункi, якія ўпрыгожваюць i ўзбагачаюць духоўную скарбніцу нашай непаўторнай Лёзненшчыны, а часткай яе, якая жыве, дыхае, пульсуе, з’яўляецца музей народнага пісьменніка БССР Мiхася Цiханавiча Лынькова. 

 Вольга ПIНЧУК, аг. Крынкi.
Інтэрнэт-рэсурсы