Рус
Бел
Eng
Адрас: 211220, Віцебская вобласць, 
г.п. Лёзна, вул. Леніна, 79/2
Е-mail: info@lioznorik.by (для дзелавой перапіскі) 
обращения.бел - для зваротаў грамадзян і юр.асоб 
Тэлефон/факс: 8 (02138) 5-25-69, 5-22-61, 5-25-71 
 
ВКонтакте: Лиозненский райисполком 
Telegram: Лиозно. Официально
Прырода Лёзненшчыны Мемарыяльны комплекс Адаменская горка Цэнтр Лёзна Аўтастанцыя Лёзненскі ваенна-гістарычны музей
Прырода Лёзненшчыны

Навіны раёна

17 сакавіка 2022

Манеж у Крынках: і зноў на кані!

 Беласнежная вежа ў аграгарадку Крынкі Лёзненскага раёна – адзіная на тэрыторыі Беларусі дарэвалюцыйная пабудова, якая была ўзведзена з мэтай падрыхтоўкі чыстакроўных рысакоў для ўдзелу ў прэстыжных маскоўскіх і пецярбургскіх скачках. Загадкавыя скарбы падземных лабірынтаў. 
 Побач з манежам размяшчаецца стайня, якая раней злучалася з ім цагляным пераходам. Абодва будынкі ўяўляюць цікавасць па дзвюх прычынах. Па-першае, гэта адзіныя пабудовы, якія ўцалелі ў Крынках у час Вялікай Айчыннай вайны, калі вёска пазбавілася найпрыгажэйшай панскай сядзібы, вадзянога млына на беразе Ласасіны, ўсіх хат, нават кожнага дрэўца і кусціка. Але нейкім цудам бязлітасныя жорны вайны пашкадавалі і захавалі для нашчадкаў манеж і стайню. Другая прычына, па якой дадзеныя пабудовы цікавыя з гістарычнай кропкі погляду, звязана непасрэдна з развядзеннем коней. З якога часу гаспадары займаліся конегадоўлей, пытанне пакуль што адкрытае. Але з вялікай доляй верагоднасці можна меркаваць,што коней тут трымалі яшчэ прадстаўнікі старажытнага дваранскага роду Рамейка-Гурка, якія валодалі маёнткам Кратоўша з 1540 года. Тут неабходна патлумачыць, што колішняя Кратоўша размяшчалася ў цэнтры сучасных Крынак. З пакалення ў пакаленне пра загадкавы маёнтак перадаюцца шматлікія легенды, з цягам часу набываючы ўсё большую таямнічасць. Мясцовыя старажылы сцвярджаюць, што побач з манежам пачынаецца ўваход у падземныя лабірынты, якія вядуць у розныя бакі. Адзін са шляхоў нібыта праходзіў пад дном панскай сажалкі і вёў да касцёла ў Ціхаўцы. Па другому, працягласцю тры кіламетры, можна было патрапіць да сядзібы, якая ўяўляла сабою двухпавярховы беласнежны асабняк з 15 пакоямі. Недзе ў падземных скляпеннях захоўваюцца фамільныя скарбы ўладальнікаў маёнткаў. Але займацца іх пошукамі ніхто не рызыкуе, бо цікаўнасць можа каштаваць жыцця. 
 Сустрэча і развітанне з Дэйзі.
  З 1910 па 1918 гады маёнткам Крынкі валодаў памешчык Іва Эберхард Моэс Аўгустовіч. Доўгі час пра сядзібу і сям’ю гаспадара было мала што вядома. Але ў 2015 годзе нечакана на адрас Крынкаўскага сельвыканкама прыйшоў ліст са сталіцы Італіі ад унучкі Луі Моэса! Гэта была неверагодная ўдача для мясцовых краязнаўцаў. Завязалася і працягваецца перапіска, пад час якой Лідзія Андрэеўна Мацоцці – менавіта так завуць унучку апошняга крынкаўскага памешчыка – паведаміла шмат цікавага. Жанчына даслала дарэвалюцыйныя фотаздымкі сядзібы і членаў сваёй сям’і, а таксама дзіцячыя ўспаміны сына Луі Моэса Георгія: 
  «Мне вельмі падабалася верхавая язда. Ездзіць вярхом я пачаў у пяцігадовым узросце. Бацька меў некалькі чыстакроўных коней. Адзін з іх нават выйграў рускае Дзербі і карыстаўся попытам у якасці жарабца – вытворніка сярод суседзяў. На мой восьмы дзень нараджэння бацька падарыў мне поні. Я назваў яго Дэйзі. Кожную раніцу двое маіх стрыечных братоў і я адпраўляліся ў працяглую конную прагулку па навакольнай мясцовасці. Зрэдку мы ладзілі скачкі па бездарожжу, пераадольваючы канавы і невысокія бар’еры. У дзень нараджэння маёй мамы Клары 2 ліпеня ў маёнтак з’язджалася многа гасцей. Мой брат праводзіў конныя спаборніцтвы па пераадоленню перашкод. У лютым 1917 года адбылася рэвалюцыя. Мы жылі ў пастаянным страху высялення. Пратрымаліся да мая 1918 года. За дзень да ад’езду я пабег у стайню, каб развітацца з маім любімым Дэйзі». 
 Нашчадкі Іва Моэса Эберхарда Аўгустовіча.
   З лістоў спадарыні Мацоцці даведаліся аб тым, як склаўся далейшы лёс членаў сям’і Іва Моэса Аўгустовіча. Сам ён памёр ад тыфу 1920 годзе ў Польшчы. Ад гэтай жа хваробы ва ўзросце 20 гадоў скончылася жыццё старэйшага сына Кімы. Удава разам з дзецьмі Георгіем і Верай пасялілася ў Берліне , неўзабаве выйшла замуж у другі раз. Дома размаўлялі на рускай мове, добра валодалі нямецкай і французскай. У 1925 годзе Вера выйшла замуж за Андрэя Гершуна, які калісьці быў рэпетытарам Кімы ў Крынках. У Андрэя і Веры нарадзілася трое дзяцей – Марына, Андрэй і Лідзія – тая самая спадарыня Мацоцці. Андрэй, дарэчы, стаў адным з першых у свеце спецыялістаў па камп’ютарах. (Падрабязна пра Андрэя Коліна можна пачытаць у №72 ад 18 верасня 2020 года газеты «Сцяг перамогі»). 
  Стайня дзяржаўнага значэння. 
  Але вернемся да тэмы конегадоўлі. Іва Моэс меў дзве стайні. У адной утрымліваліся рабочыя коні, у другой – той, што ўцалела – пародзістыя: арлоўскія, амерыканскія і руска-амерыканскія рысакі, якія ўдзельнічалі ў знакамітых «Маскоўскіх скачках». У 1918 годзе на базе панскага маёнтка была створана племянная гаспадарка «Крынкі». Племянной яна называлася не толькі таму, што займалася гадоўляй племянных цялят, бычкоў і кароў швіцкай пароды, але і працягвала справу развядзення пародзістых коней. Акт ад 10 мая 1922 года, які ўдалося адшукаць у дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці, сведчыць аб тым, што «…Пасля правядзення дэталёвага агляду камісія знайшла племянных коней у ідэальным парадку… Жарабцоў пад мянушкай Гневуш, Ліхач, кабыліц Італьянку і Мушку неабходна падрыхтаваць да скачак…». У адным з архіўных дакументаў стайня ў Крынках называлася адзінай у Віцебскай губерні, якая мае дзяржаўнае значэнне. Але ўжо 18 ліпеня 1924 года плямгас «Крынкі» перадаў племянных коней у Дзяржконзавод горада Велень. На 1 снежня 1924 года стайня была занята буйным рагатым скатом, а манеж – кармамі. 
  З 1941 па1943 гады ў манежы зноў з’явіліся коні – ні ў чым невінаватыя коні ворагаў-акупантаў. Даглядалі іх мясцовыя хлопцы. Жывёл неабходна было чысціць два разы на дзень. Кожны раз па сканчэнні адзначанай працэдуры немец правяраў якасць чысткі з дапамогай белай сурвэткі, у залежнасці ад чаго хлопцы атрымлівалі ці не атрымлівалі паёк. 
  Вяртанне славы мінулых дзён. 
  Зараз КУСП «Крынкі» перажывае складаны перыяд. Але якія б цяжкасці не выпалі на лёс аграгарадка, ёсць усе шанцы не толькі захаваць цікавую пабудову, але і адрадзіць конегадоўлю. Тым больш, што зроблены першыя паспяховыя крокі ў дадзеным накірунку. Вяртанне «Дэйзі» на радзіму пачалося ў мінулым годзе, калі на працу ў гаспадарку трапіла малады спецыяліст, ветурач Марына Курашова. Менавіта з яе прыходам з’явілася ідэя стварыць на базе КУСП «Крынкі» конны клуб. Дзякуючы асабістым намаганням дзяўчыны аб’езджаны дзве маладыя кабылы. Упрыгожаныя кветкамі і каляровымі стужкамі, з заплеценымі ў касічкі грывамі, Ферары і Багетка з задавальненнем катаюць дзяцей і дарослых на святах, які ладзіць мясцовы Дом культуры. Жарабец Малыш для гэтай адказнай справы павінен падрасці. Аграгарадок карыстаецца папулярнасцю сярод экскурсійных груп, таму што багатыя на гісторыю Крынкі прапануюць турыстам шмат цікавых аб’ектаў для наведвання. Манеж і коні выклікаюць у гасцей аграгарадка непадробнае захапленне. 
 Марыць наведаць зямлю сваіх продкаў і спадарыня Мацоцці. Нягледзячы на салідны ўзрост, Лідзія Андрэеўна адчувае сябе добра і плануе паездку ў Крынкі,як толькі гэта стане магчымым. Яна вельмі рада, што ў манежы, які належаў яе дзеду, з’явіліся коні. Пакуль што тры скакуны не даюць падставу назваць пачатую справу конным клубам, але назва яму ўжо існуе. Канешне ж, гэта «Дэйзі». У гонар поні – сябра маленькага хлопчыка Георгія. Марына Курашова і аматары конных прагулак спадзяюцца, што знойдзецца прыватны інвестар, які гатовы зрабіць стаўку на развіццё беларускай вупражнай пароды коней на базе гістарычнага месца, авеянага фарбамі векавой таемнасці. 
  * * * 
 23-27 сакавіка ў Мінску ў выставачным цэнтры БелЭкспа пройдзе XXIX Мінская міжнародная кніжная выстаўка-ярмарка «Рака часу Бацькаўшчыны». Асноўныя падзеі пройдуць на цэнтральным стэндзе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. У аснову яго канцэпцыі закладзены праект «Бацькаўшчына», які прымеркаваны да Году гістарычнай памяці і ставіць перад сабой вельмі важную задачу – вывучыць, захаваць і папулярызаваць гістарычную спадчыну беларускага народа. Пачатак праекту паклала выданне аднайменнага календара, у якім прадстаўлены старадаўнія паштоўкі і фатаздымкі канца XIX – пачатку ХХ стагоддзя з асабістай калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава. 
 Аўтар: Вольга Пінчук, "Сцяг Перамогі"
Інтэрнэт-рэсурсы